«СЫН ОТЕ́ЧЕСТВА»,

рускі гіст., паліт. і літ. часопіс. Выдаваўся ў 1812—44 і 1847—52 у Пецярбургу. Засн. М.Грэчам. Перыядычнасць мянялася. У 1829—35 выдаваўся разам з час. Ф.​В.​Булгарына «Северный архив» пад назвай «Сын отечества и Северный архив». Напачатку друкаваў матэрыялы пра вайну 1812, у т. л. пра падзеі на Беларусі: «Пісьмо Віцебскага інтэнданта да віленскага 14/26 кастрычніка 1812 г.» (1812), «Пісьмо з Віцебска» І.​Манькоўскага і «Урывак з запісак віцебскага жыхара» Г.​Дабрыніна (1813), «Нешта аб бітве каля Ваўкавыска» (1824) і інш. Да 1825 лічыўся найб. перадавым рус. часопісам, знаходзіўся пад уплывам дзекабрысцкай ідэалогіі, пазней эвалюцыяніраваў да кансерватызму. Матэрыялы пра Беларусь ёсць таксама ў публікацыях «Пінск і яго ваколіцы» Ю.​Крашэўскага (пер. з польскай мовы, 1837), «Штодзённыя запіскі рускай падарожніцы ў 1827 і 1828 г.» А.​С.​Целяпнёвай (1831). У 1839 друкаваў нататкі пра жыццё З.​Даленгі-Хадакоўскага.

С.​А.​Кузняева.

т. 15, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)